alenakropka (alenakropka) wrote,
alenakropka
alenakropka

Пачатак кнігі. " Дом на двух"

- А давай лепш паедзем кудысьці да вялікай вады…
- Чаму? Ты больш не хочаш наведаць Кракаў?
- Я хачу… але мне хочацца возера.
Юрась усміхаецца.
- Увечары я вярнуся і мы дамовімся. Ды будзеш бліжэй да шасці?
Яна маўчыць - нібы ўзіраецца ў будучы дзень. Усмешка прачынаецца на яе вуснах. “Дзень з сонцам” – думае Юры і ўжр не чакае адказу. Ён любуецца. Яна бачыць і апускае твар долу.
- Слаўна. Вырашым справу за вячэрай ці трохі пасля…Згода?
- Так.
Двое развіталіся, і хлопец з’ехаў. Ён кіраваўся ў бок прашпекту, абмінаючы іншыя машыны на дарозе і раз-пораз узіраючыся ў раўнюткія кроны дрэў. Лістота была вільготная і нейкага галодна-зялёнага колеру.

“Як шпалеры, - падумалася яму. – Добра, што мы не такія. Не хцівыя да сонца”.

Яму яшчэ мроіліся ранішнія крокі каханай па светлым пакоі. Нехта тэлефанаваў, распавядаў пра справы, нібы неадкладныя, але ён навучыўся вырашаць праблемы адпаведна моманту іх узнікнення. Раней – не, раней яго час. Час, дадзены ім.

“Пастка. Ніколі не здолею пакінуць яе.”

Калі муж сышоў, яна зноўку саснула хвілін на дваццаць. У сне было шмат неўпарадкаванасці, шэрага. Напрыканцы – абсалютная бязглудзіца: вось яна пераўтвараецца ў малако і Юрась выпівае яго.
Страшнавата.
Яна канчаткова прачнулася, згатавала каву, пад’ела, апранулася і спусцілася ў метро. “Кепска, што не маю правоў.”
Падчас абедзенага перапынку вярнулася да дому. Там выцягнула з шафы загадзя падрыхтаваны чамадан з такімі-сякімі рэчамі і кнігамі. Звезла яго да месца працы; адтуль сышла раней.
- Шчаслівага адпачынку, - пажадаў калега. – Вернешся праз месяц?
- Не так хутка. Пазней.
Калега не зразумеў.
- Хіба Юры можа з’язджаць амаль да кастрычніка?
Паглядзела ласкава. Развіталася:
- Пакуль.


“ Распачынаецца пасадка на хуткі цягнік нумар сто дваццаць другі N – O; адпраўленне ў шаснаццаць гадзін сорак дзве хвіліны.”

“ Хуткі цягнік нумар сто дваццаць другі N – O адправіцца з другой платформы другога пуці ў шаснаццаць гадзін сорак дзве хвіліны. Просьба да пасажыраў заняць месцы ў вагонах.”

“Хуткі цягнік нумар сто дваццаць другі N – O адпраўляецца з другой платформы другога пуці. Шчаслівай дарогі паважаныя пасажыры.”

Яна бачыла правады і шэрагі напаўразбураных будынкаў. Чамусьці падалося, што так заўжды блізу чыгуначных вакзалаў. “Быццам ад’язджаеш са сталіцы паваеннай пары”. Пачувала сябе вінаватай. “Ці гэта я столькі знішчыла…?
Няпраўда”.
Увечары быў іншы горад, родны. Там было больш цішыні, паветра, больш зямлі – не цэглы… Людзі, старыя аўтобусы.

“Там не так – аўтобусы новыя, а большасць сапраўды-жыхароў – старыя.”

Кватэра пад пылам, але пакой, дзе звычайна жыве, адносна прыстойны: прыбраны. Пакідае чамадан, шчыльна закрывае шторы. Раней жытло было на ўскрайку, цяпер – найлепшы район блізу асноўных транспартных развязак і гандлёвых цэнтраў.

Вось яна стварыла прыцемак.

Сучаснасці не бачна, будучыні няма.
Бацькі сышлі – іх свет на двух і дачушку – але найперш на двух. Яна не турбуецца. Вось зараз сядзе за паперу і будзе бессмяротная. Двое вернуцца, а яна, яны і іншае – не знішчальная больш існасць. Назаўжды.
Можа і не ўпадабаюць, але позна – дзіця зрабіла крок у неспасціжнае. Няхай ім абыякава, затое ёй не сумна – весела.
Калі мінулы раз яна да страшнага збіла суседскага хлопчыка, ёй далі рамня. “Няўдзячная.”
Раўла далей, чым бачыла.
Тут жа спрабавалі мірам: “ Чаму так? Усё што ёсць лепшага… Мы ж любім цябе, даглядаем, апранаем, кормім…” Жорсткая памылка дарослых – ставіць любоў разам з астатнім. Ураўнаважыць любоў са звычайным, з усім гэтым.
Бедная малая, яна не разабралася. “Значыцца, кошт вашай любові адпавядае гэтаму ганебнаму шэрагу? Дрэнь.”

“Дрэнь.” Слова, якое ведаў яе маленькі вораг.

Яго бацькі, заўзятыя выпівохі, сярод іншых “раскошаў” надзялілі яго гэткай непрывабнай зброяй. Дзяўчынка, скарыстала слова да іншай варожай ёй сутнасці – любові, што разам з ежай і матэрыяй раптам патрапіла ў роспачны шэраг.
Збіты са злосці хлопчык? Не, больш нічога такога не будзе. Гэта занадта проста, занадта дробна. Вось вам вечнасць – паспрабуйце бясконца жывіцца сваёй “харчаванкай-любоўю”. Што – погань? А чым частавалі мяне?

Напэўна, у небаракі-суседа з любоўю склалася лепей. Ва ўсялякім выпадку, не ён стаўся аўтычным шызатынікам. Шчаслівы.

ІІ

У пяць яна не з’явілася. Не прыйшла і а шостай, як тое здаралася звычайна ў працоўны дзень. Пэўны час ён яшчэ сумняваўся, але было відавочна – паўтараецца колішняя гісторыя. Урэшце не вытрымаў – затэлефанаваў ва універсітэт.
- Вечар добры, дазвольце пачуць Стэфана Пятровіча.
Дзякуй.
Чаканне.
- Я слухаю.
- Стэфан Пятровіч, Агата… Яна не там, ці нетак?
- Не тут. Што такое?
- Нічога.
- Што, ізноў? – Уздых. – Не-е. Ну – не цяпер...
- Даруйце, што турбую. Магчыма, сапраўды “не”.
Чалавек на тым канцы дроту раздражніўся
- “Даруйце…”. Ты куды глядзеў? І паседжанне заўтра.
- Я гэта не так істотна. Знойдзецца каму ўзначаліць кафедру. Вы і самі здолееце… Дапабачэння.
Суразмоўца спыніў яго.
- Не так хутка – Стэфан Пятровіч уздыхнуў.Нібы супакоіўся. – Я не пра тое… - чалавек раптам стаўся разважлівым , паспрабаваў казаць стрымана. – Ты асэнсуй – новая мроя, фантазія, бітва з бесамі… не цяпер, дык пазней…
Юры, некалі гэта заб’е яе.
……

- Яе ў любым выпадку забівае іх наяўнасць.
- Маеш рацыю… - Стэфан больш не хацеў гаварыць. Яго паглынала самота. Юрась пачуў, як прафесар пажаліўся, нібы сабе самому:
- Я такі стары…
Абодва мужчыны трохі памаўчалі. Потым маладзейшы пачаў зноўку:
- Прызначце на пасаду каго іншага. Яна не лепшая.
- Яна адзіная – Стэфан Пятровіч раптам раззлаваўся. - І кафедра – не пасада! Усе гэтыя набрынялыя ведамі пеўні…Іх інтэлект, быццам кіт на сушы – захлынаецца ад уласнай вагі. Іх тэорыі, распрацоўкі… Яе канцэпцыя – сапраўды ідэя. Гэта шанец для наступных пакаленняў, шанец чалавецтва на будучыню. Гэта – філасофія ў першасным выглядзе, на якую мы ўсе ўжо даўно забыліся, “истосковались”, якой прагнулі.
- Занадта гучна – Юры раптам стаўся абыякавым да палымяных выказванняў старога. Мне неабходны шанец проста для яе. Астатняе – марнасць. Лішняе.
- Для цябе, яе родных, не родных, нават для мяне самога – так, але толькі не для яе, Юры. Не забывайся: для яе людзі – ўмова асабістай існасці.
Юры вытрымаў паўзу.
- Перамога за спадаром прафесарам. – голас маладога чалавека стаўся горкім.
Стэфан Пятровіч змоўк.
Праз хвіліну пачулася:
- Я сапраўды спачуваю… Ты паедзеш?
- Так.
- Глядзі, каб не было, як мінулым разам…
- Я памятаю. Яе бітва – не буду ворагам у дадатак. Буду з ёй.
Працяглае імгненне цішыні.
- Глядзі сябе: больш ніякіх ран, шпіталяў і варятні.
- Усё было не зусім так, як вы думаеце…
- Галоўнае, каб усё было зусім не так.
- Добрай ночы.
- Дурань. Якое там – добрай – Стэфан Пятровіч паклаў трубку…
Абраза дэкана кранула хлопца пяшчотай. Сапраўды, мала хто клапаціўся аб іх больш, як ён.





ІІІ

Акенца на кухні было адчыненым. Мілая гаспадыня падыйшла да шафы і дастала прыгожы пакунак любімай кавы. Яна засыпала колькі лыжак у абпаленую “турку”, і па ўсіх пакоях распаўсюдзіўся чароўны водар далёкіх загадкавых краін. Лыжкі, відэльцы, імбрыкі… Нават гадзіннік, што заўжды паказваў час дакладна – і той летуценна паплыў у ціхмяным салодкім тумане. Прыладам мроіліся караблі ды ветразі, дзівосныя стравы, каляровыя тканіны, бранзалеты, прыгожыя загарэлыя твары жыхароў поўдня…
Увечары кава была з марозівам. Невялічкі шарык ванільнага пламбіру патануў у гарачым чорным золаце, як мінулы дзень ў зорнай ночы. Канец. Прыйшоў час адкласці ўбок клопаты і падумаць пра сябе.
Сляза трапляе ў цёплы напой – і расчараванне становіцца салодкім.
Гаспадыня не пакутвала ад адзіноты. Яна не была адна. Некалі – сябры, суседзі, былыя каханыя, прахожыя, родзічы, цяпер – муж. Да таго ж, ёсць успаміны…
Але нікога бліжэй за звыклы кубак кавы раніцай, абедам і ўвечары. Нікога, хто б дакранаўся душы.

- Мая стома захавае мяне.
Дзяўчына спалохана расплюшчвае вочы ў начную цішыню. На падваконні сядзіць Пачвара і, паглядаючы з-пад ілба, паціху матляе нагамі.
Дзяўчына збірае волю і рэшткі свядомасці ў рацыянальны нервовы імпульс.
- Не матляй нагамі: наклічаш іншых нячысцікаў.
Пачвара спыніла рытмічныя рухі. Яна была сквапная і не збіралася ні з кім дзяліцца сваёй здабычай. Бляклая ўсмешка з’явілася на яе твары. Далей Пачвара сказала:
- Чаму ты не спіш? Памятаеш некалі: пятнаццаць гадзін мроі… Або працяглыя вандроўкі на могілкі, чорнае адзенне, асветлены твар.
- Гэта ўсяго толькі спроба… Знешняй эмітацыі стану сммерці. Пераходны ўзрост, жаданне выйсці па-за межы тыповага. Па Фрэйду: “Большасць з нас здзяйсняе эксперыменты з уласнным разбурэннем у асяродку жыццёвай рэчаіснасці”.
- …а ты значыцца – неверагоднае выключэнне, што памяняла поле эрасу на танатас і, як камета… Не, як звыш-новая зорка ( ўжо не зорка, але і не знічка), народжаная выбухам – згарэла, быццам бы перахітрыўшы нябыт? Ня блага. Толькі адсюль вынікае, што ты назаўжды прыналежыш мне – эфімернай, магчыма нерэальнай, але мне. Твая сутнасць – належная падпарадкаванасць.
- Твае развагі не пазбаўленыя здаровай логікі і вобразнасці.
Пачвара прыняла прызнанне, як блізкасць перамогі.
- Ты была разумным готам. І прыгожым.
Дзяўчына павярнулася на бок, каб лепш было бачыць дэмана. Адну далонь паклала пад шчочку, другой абняла пухнатага мядзведзя.
- Ты прайграла. Я сапраўды была. Але я таксама імкнулася, сталася і засталася. Твая стома знішчыла цябе, Пачвара. І не закранула мяне, бо я – не толькі сутнасць цябе, а ты – не мая адзіная сутнась. Ты саматойна вызнала існае, кінуўшы мне: ”Ты была разумным готам.” Цяпер можаш застацца, а можаш сысці – не істотна.
Пачвара трошкі засмуцілася. Агата глядзела на яе і, бачачы прыгожыя доўгія валасы, раскіданыя па цёмным адзенні, і чуллівыя вочы на фарфоравым тварыку, амаль любіла. Так падабаюцца прыемныя сны, што прайшлі, а таксама нешта роднае, нешта, што амаль ажыццявілася, ды, занядбанае,неўпрыкмет мінула.
Готка сядзела на ўскрайку акна і нікуды не сыходзіла. Яна яшчэ раз усміхнулася гаспадыні кватэры і засталася на падваконні, заняўшы прастору між папараццю і непрыбраным непарадкам справа, як трывалае належнае ёй месца.

ІV

Нажаль, спакойны сон ня быў працяглым.
Агата абудзілася ад холаду ў знямелым целе: “Няўжо так нязручна ўладкавалася?” Паспрабавала рухацца. Калі цела сагрэлася, адчула, што зімна ад коўдры і канапы. Спужалася, паспрабавала ўстаць.
Ад яе першых крокаў падлога і столь нахіліліся, пачалі круціца штуршкамі і кідаць яе неасцярожную постаць ад сцяны да сцяны: па кутах, да стала, паліцы з кнігамі, шафы. Кватэра, быццам полы куб, што месціўся на тонкай завостранай восі, раптам не ўтрымаўся на ёй цэнтрам сваёй грані і пакаціўся долу. Вазон з папараццю раструшчыўся, готка загінула ад удару ссунутага крэсла, а вінаватая ва ўсім гэты вэрхале дзяўчына уляцела ўнутр шафы і жорстка пабілася паліцай .

- Прывітанне, маленькая Агата.
Дзяўчына адчула, як начная сарочка стала ёй вялікая. Яна паспрабавала ўстаць, і толькі наноў заблыталася ў складках адзення. Шэрая зацёртая постаць стаяла пры адчыненых дзвярах шафы, дзе, знясіленая, ляжала Агата. Вырашыла не ўцякаць.
- Адыдзі ад мяне – горка і цвёрда сказала яна.
Постаць маўчала. “Добра, што хоць не набліжаецца”.
Але маўклавасць істоты не давала Агаце шансу пабіць яе логікай. Дзяўчына не магла паварушыцца, да таго ж была добра напалоханая, а тое, што сітуацыя ніяк не змянялася, дадаткова непакоіла яе. “Адкуль гэта?” Пытанне бянтэжыла, аднак Агата ўпарта не прызнавалася сабе, што не можа адказаць на яго. Прызнацца ў гэтым азначала б вызнаць, што яна ме мае сродку супраць новай небяспекі з падсвядомага… “Але ці з падсвядомага ты?”
Адчуванне небяспекі ўзрастала. Дзяўчыну пачалі браць дрыжыкі. “Кепскі знак. Гэта ўжо больш падобна да панікі.”
Паніку яна сабе дазволіць не магла: памутнее розум, цела стане кволым – прыйдзе нездаровы сон, які можа зацягнуцца. Пустая паўза, што не надасць шмат сіл і забярэ час. А час дарагі.
Агата адчувала: ісці наўпрост супраць эмоцый не варта – човен, што рушыць супраць плыні, паб’ецца. Яна ўдыхнула. Немагчыма больш бачыць Шэрую потаць, якая палохае. Заплюшчыла вочы.
“Мае крокі па свежым снезе, што раптоўна расстае. Я гляджу пад ногі, гляджу наверх: колер сонца. Быццам бы белае золата? Промні пранікаюць праз шэрыя ледзяшы, прымушаюць іх зіхацець . Ледзяшы не згодныя.
Вады навокал пабольшала, і яна зялёная, сіняя – розная. Дрэвы чыстыя ад новых кропель-слёз. Яны назіраюць за небам і плачуць ад неспадзяванай цеплыні. Рабіны… Пякуча-чырвоныя, бы на марозе; але цяпер вільготна – паветра грэецца.
Лёгка. Думаць і ісці, глядзець і дыхаць. Чаму не заўжды так? Сястра, сцісні маю далонь, бо горкая кроў труціць сэрца. Навошта не назаўсёды людзі існуюць?... чаму ў натоўпе мы адны, у бядоце разам?... як спяць рыбы?... а кіты? Колькі здзіўнага не ведаем, колькі ведаў – лішнія.
Выдах. Табе не цікава са мной – не крычы. Кажу, не злуйся: надалей буду ісці маўчком і глядзець на цябе загадкава. Так лепш? Ну канешне …
У мяне ёсць рана, але вось яна пасыпаецца снегам і на тым месцы ўжо ўзгорак. Дзеці коцяцца долу на санках, мужчыны і жанчыны падпіхваюць іх або абмяркоўваюць свае дарослыя справы. Таму я люблю зіму. Мне падабаюцца сняжынкі і аблокі, каткі, колер сонца – белае золата…”
Агата змусіла сябе спыніцца. “У мяне ёсць рана…” Яна прачынаецца і аглядае прастору навокал. Быў вечар наступнага дня. Постаць таксама была тут. Агата крыху парадвалася, што сон не забраў яе на больш працяглы тэрмен, потым ізноў угледзелася ў шэрае.
“У мяне ёсць рана”. Думка надакучыла. Агата прамовіла яе ўголас. Постаць крыху сцялася, але засталася на ранейшым месцы. Дзяўчына чакала.
Звечарэла. Сонца хавалася, постаць ізноў пачала палохаць. Агата адчула, што усё, што было ўчора, паўтараецца. Шукаючы палёгкі, яна зноў прамовіла.
- У мяне ёсць рана.
Постаць крыху зрушыла ёй насустрач, і Агата пабачыла, што шэрая на ёй нібы толькі верхняя вопратка – куртка ці што? – што постаць дакладна мужчынская, хударлявая, выраз твару абыякавы і хваравіты, адначасова – хцівы. Новая хваля сполаху. “Хто ён?”
Яна не памятала. Гэта найбольш турбавала Агату.
“Чаму я не памятаю, што я хаваю ад мяне самой?” Столькі год пошукаў, самааналізу каб у патрэбную хвіліну вызначыць, што яна не была падрыхтаваная, што вось цяпер рызыкуе нестрымаць удар з-за няшчырасці да сябе самой у сваіх доследах. Гэта раззлавала-такі яе. Добра раззлавала, як толькі можа раздражніць пэўная праблема чалавека яе прафесіі, яе складу мыслення. Гэта быў выбух, які выклакаў да жыцця новую думку: “Я не забылася. Я яго памятаю. Толькі сапраўды не ведаю, хто ён. І раней не ведала, калі тое здарылася.”
Тое, што здарылася, яна ведала, перажыла і ад сябе не хавала. Зіма, заняткі ў школе ў другую змену, спроба гвалту. Выратаванне сябе, раны на твары злачынца. Па тых адбітках іх сустрэчы праз тыдзень яго арыштавалі і расстралялі. Перад тым па афіцыйных прысудах у горадзе расстралялі яшчэ двух мужчын, падобных паводле апісання знешнягя абліччы. Невінаватых. Яна спрабавала апазнаваць іх пад следствам . Яна і сама адчувала, што не здолее апазнаць, і адкрыта пра тое сведчыла. Следчыя ў абодвух выпадках палічылі, што яна баіцца сказаць, што пазнала.На трэці раз пабачылі адбіткі. А яна ўжо сапраўды баялася казаць, што пазнала.
Расстралялі і трэцяга. Гвалты ў горадзе спыніліся. А Агата так і не ведала, ці таго зноў растралялі.
Сёння ўзгадала твар. Так, апошні быў менавіта злачынец, а двое першых - невінаватыя.


V

Юры прыехаў ранкам. Паўтары гадзіны кружыў па горадзе, пакуль знайшоў патрэбны дом. Дзіва: колькі разоў быў тут, заўжды адно і тое ж самае – наноў шукае подступы да яе. “Мабыць таму, што гэта яе горад. Таму, што гэта горад для яе.”
Працяглы званок у дзверы. Адказу няма. “Напэўна, сон. ”
Юры пачаў паволі спускацца па цагляных прыступках. Сон азначаў, што ён не паспеў . Цяпер умешвацца было нельга, інакш яна заблытаецца горш і больш не пакіне лабірынту. Калі Агата і яно сам насам, ёй прасцей засяродзіцца. Так ёй прасцей.
- Чорт…! – Юры сварыўся, бо апошняя думка не суцяшала. Ён ведаў, што не памыляецца, што так яно і ёсць; а яшчэ ён ведаў, што ніколі не прыме такой вось палёгкі для каханай.
Калі тэлефанаваў Стэфану, таксама крычыў. Не таму, што прафесар нечага не разумеў, або быў яму ворагам – не. Проста чалавек заўжды крычыць, калі яму балюча. А Юрыю балела.
Пасля няпростай размовы выправіўся ў краму. Трэба было купіць якога мыла, зубную шчотку і плед, каб цяплей было ночыць у машыне. Ды й пад’есці… Так і зрабіў. У краме яму падалі выдатны баваўняны плед ў вялікую клетку.
“Клетка,” – падумаў Юры. Раптам схамянуўся: “Клетка.”
Хутка раплаціўшыся і пакінуўшы рэшту, выбег з крамы. Сеў за руль. Пакуль вяртаўся да дома Агаты, ператрос бардачок: знайшоў там колісь зробленую копію з ключа ад кватэры. Прыехаўшы, узляцеў на чацвёрты паверх і ашалела дзёрнуў ручку – дзверы былі замкнёныя. “Так і ведаў”. Асцярожна адамкнуў кватэру.
Вагаўся. Вырашыў зазірнуць.
Паўзмрок. Чамадан стаяў бліжэй да адчыненага пакоя і ціха грэўся ў сонечным квадраце. Спакойна.
Юры не ўвайшоў і бязгучна прычыніў за сабою дзверы. Замок пакінуў адкрытым. Спусціўся па лесвіцы ўніз.
“Спакойна…” – думаў ён, засынаючы гэтай ноччу ў машыне.
Ён сніў, як пабачыў яе ўпершыню. Яна заўжды хадзіла адной і той самай дарогай, спяшаючыся ва універсітэт. Ён прыязджаў насваю працу і ставіў машыну на звыклым месцы.
Новы занятак Юрыя пачаў прыносіць прыбытак – хутка ён здымаў для падначаленых не адзін офіс, а цэлы паверх. Агата абараніла кандыдацкую, стала дацэнтам, і, што было прыемна ёй самой і іншым, у свае 26 выглядала на 19.
Аднойча Юры заўважыў, што яна ўжо прамінае яго вуліцу не адна, а разам з сівым паважным старым, які не стамляецца нешта ўпарта даводзіць ёй. Яна нічога не адказвала і не спрачалася, ішла маўклівая і засяроджаная. Аднойчы, калі стары зграбны дэкан заканчваў свой чарговы расповяд, дзяўчына асцярожна задала яму пытанне. Стары прыпыніўся, узглянуў на яе – змоўк. Далей абодва маўчалі – прафесар думаў, дацэт паглыбілася ў звычайны для яе ціхмяна-засяроджаны стан.
Юры, якому пасля неаднойчы даводзілася назіраць падобныя сцэны напачатку працоўнага дня, дзівіўся таму, наколькі рознымі могуць быць лёсы і сусветы людзей. Пад ранішні водар выдатнай кавы ён кожны дзень бачыў, што кожны жыве ў сваім свеце, і паступова вырашыў, што сам жыве ў найбольш правільным. Так ён палюбіў сваю непростую чалавечую рэчаіснасць, а ў дадатак – і гэтую недарэчную пару дзівакоў-навукоўцаў, з нетаропкіх крокаў якіх пачынаўся яго дзень.
Аднаго разу Юры прыехаў на працу крыху пазней. Ён вярнуўся з чарговай камандзіроўкі з чарговым поспехам. Упэўнены і спакойны, ён выйшаў з машыны. Зачыніў яе, аўтаматычна паклаў ключ ў кішэню. Пачуў, як ён, цяжкі, грымнуўся аб брук і адначасова ўхняў пырскі. Глянуў пад ногі: суха было толькі там, дзе сатяла машына. Вакол – лужына. Пачаў даставаць з вады .
Калі ён нарэшце знайшоў, што шукаў, і адарваў позірк ад буднай вадкасці, проста перад ім стаяў той самы зграбны стары, за якім ён штодня назіраў. Стары крыху пракашляўся і, працягнуўшы руку, сказаў:
- Стэфан Пятровіч.
Юры нібы і рады быў бы паціснуць яму руку, але яго далоні былі брудныя, таму малады чалавек замарудзіў. Стэфан пятровіч зразумеў сваю памылку і паспрабаваў паправіцца:
- Кхе-кхе… - усмешка. – Ну, будзем знаёмыя, як ёсць. – гэтая фраза нібы надала старому адвагі. - Маё імя Стэфан Пятровіч і я штодня мінаю гэтае месца, дзе вы ставіце машыну. Мы са спадарыняй Агатай пераходзім тут дарогу і крочым далей па гэтым баку вуліцы. Я не маю нічога супраць Вас і Вашай маёмасці, аднак гэты аўтамабіль займае адзінае гожае для пераправы месца. Паглядзіце, тут вакол заўжды вада, - прафесар зрабіў выразны жэст рукой, і Юры, каб праявіць ветлівасць, паглядзеў на стан рэчаў, які падоўгу назіраў штодня. Стары тым часам працягваў:
- Спадарыня Агата , - Стэфан Пятровіч крыху сцяўся. – Я хачу сказаць, што я думаю, што спадарыня Агата штодня набірае не меньш, як палову чаравіка вады, мінаючы гэтае месца. Калі для Вас гэта не будзе вялікім клопатам… - і Стэфан Пятровіч далікатна папрасіў яго пакідаць аўтамабіль у іншым месцы.
Прафесар і не ведаў, што для Юрыя, чалавека пастаяннага ў сваіх звычках, такая перамена як раз і будзе з’яўляцца не чым іншым, як “вялікім клопатам”. Гэта выразна адлюстравалася на твары маладога мужчыны. Невядома, якая развязка чакала абодвух, але ў гэты момант з’явілася ўжо згаданая намі Агата. Яна лёгка абмінула машыну з іншага боку (Юры так і не заўважыў, ці набрала яна вады ў чаравік) і падышла да Юрыя і Стэфана Пятровіча. Проста і крыху здзіўлена паглядаючы на іх, прамовіла:
- Стэфан Пятровіч…?
Вочы дзяўчыны глядзелі прама і адкрыта. Яе позірк спакойна ахінуў двух мужчын.Юры раптам адчуў сябе няёмка. Хітры Стэфан Пятровіч скарыстаў момант:
- Агата, гэта – наш новы знаёмы, э-э-э…
- Юры ,– Юры таропка паціснуў працягнутую яму руку дзяўчыны і тут жа пракляў сябе за глупства. Але было ўжо позна – яна здзіўлена ўзіралася ў брудныя кроплі на сваёй руцэ. Глянула на рукі Юрыя. Той пачаў нервова прасіць прабачэння. Агата нават не збянтэжылася – хіба што правае брыво ўзнялося крыху вышэй за левае. Стэфан Пятровіч пераможна ўсміхаўся сваёй маленькай помсце.
Знайшоўшы ў сумцы папяровыя сурвэткі і запэўніўшы маладога чалавека, што ўсё нармальна, Агата звярнулася да прафесара:
- Вы вырашылі вашыя важныя справы? – шчыра спытала яна.
- Так, мы вырашылі – безапеляцыйна зазначыў правесар.
- Вырашылі – азваўся Юры.
- Добра, - сказала Агата і зноў паглядзела на Юрыя. – Дапабачэння.
Трое развіталіся.
Яна ішла поруч з калегам па кафедры і ўсё так жа звыкла слухала суразмоўцу. Юры застаўся. Малады чалавек глядзеў на гэтых двух і разумеў, што ад гэтая сустрэча не была перасячэннем лёсаў усіх траіх. Яго і іх лёсы працягвалі заставацца паралельнымі. Так ці за шклом кабінета, дакранаючыся ці не – ён працягваў заставацца сузіральнікам. Стэфану Пятровічу і Агаце не істотна было, ведаў Юры пра іх існаванне раней ці не. Іх не цікавіла, ці працягнецца знаёмства – Юры мог быць, і не быць, іх таксама магло не быть тут і цяпер, і раней таксама, але вось усе трое сышліся, павіталіся, нават пагаварылі, пазнаёміліся. І ад гэтага нічога не засталося, ды й не магло застацца…Хіба што дзве паралельныя каляіны – як сцежкі, што кладуцца за намі штодня, пакрыху высланыя нашымі словамі, учынкамі, перажываннямі, днямі, начамі, нашымі жахамі, нашымі радасцямі, снамі…
Tags: аповяд, проза
Subscribe

  • стихи

    После того, как по распределению n-е количество лет назад поработала в исполкоме в Витебске, не могла больше писать. Совсем. Ну, скажем прямо, и…

  • Трыпцiх. Частка 1.

    Каханне. Маім бацькам, Вікторыі і Віктару, прысвячаю. Здараецца…Здараецца так, што аднойчы разумею: ёсць нешта ўва мне, што мне больш не…

  • Цытаты мяне. Месяц сакавік.

    Цытаты мяне. Месяц сакавік. Дзённікі. “ Твой Дом – таксама мой, …і толькі Тваё Сэрца- маё сэрца”. Калі не чутнае…калі не адгукнецца… Калі іду па…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments